(2 июня 2017) На гэтым тыдні Белтэлерадыёкампанія пачала прыём заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2017”, які пройдзе сёлета 26 лістапада ў Тбілісі.
Удзельнічаць у адборы маюць права беларусы ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў з песняй, якая нідзе не гучала да мая гэтага года. Заяўкі варта адпраўляць каштоўнай бандэроллю з паметкай “На дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2017” на адрас: 220807, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9. У юных артыстаў яшчэ ёсць час адважыцца на важны крок і вызначыцца з кампазіцыяй, якая, магчыма, прагучыць гэтай восенню на тбіліскай сцэне. Апошні дзень падачы заяўкі — 30 чэрвеня. Па выніках адборачнага тура прафесійнае журы вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале, які будзе праведзены ў форме гала-канцэрта не пазней за 16 верасня. Тады і назавуць імя юнага артыста, які прадставіць нашу краіну на “Еўрабачанні” ў Грузіі. Хто ведае, можа, сёлета нам пашанцуе гэтак жа, як у 2005 і 2007 гадах, калі перамогу ў еўрапейскім конкурсе атрымалі прадстаўнікі Беларусі Ксенія Сітнік і Аляксей Жыгалковіч.