Прэзідэнт Беларусі 12 снежня ў час сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем запатрабаваў дыверсіфікаваць экспарт і актыўна шукаць новыя рынкі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з пункту гледжання знешнепалітычных прыярытэтаў і інтарэсаў усё складваецца нядрэнна. «Мы не маем ніякіх амбіцый на міжнароднай арэне, не пазіцыянуем сябе глабальным іграком, не лезем у чужыя праблемы і справы. Дай бог, вырашыць свае, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Мы не хочам ствараць ніякіх праблем не толькі нашым суседзям, але і любой дзяржаве ў свеце, ды і не здольны гэтыя праблемы ствараць. Мы не ўспомнім ні аднаго выпадку, каб нехта з суседзяў нам выставіў прэтэнзіі, што мы перашкаджаем жыць».
Закранаючы эканамічную тэматыку, Прэзідэнт падкрэсліў, што ўжо разгледжаны шэраг пытанняў. «Зразумела, застаюцца старыя праблемы — гэта экспарт. Наша эканоміка адкрытая, і пераважная большасць усяго, што вырабляецца ў краіне, прадаецца на знешніх рынках. Адсюль наша знешнеэканамічная стратэгія», — заўважыў ён.
«Учора мы дамовіліся, што павінны вызначыцца ва ўрадзе і звярнуць яшчэ большую ўвагу знешнепалітычных прадстаўніцтваў Беларусі на вырашэнне гэтых праблем. Трэба, каб кожны пасол быў азадачаны праблемамі экспарту, асабліва ў сувязі з тым, што адбываецца на расійскім рынку. Гэта наш асноўны рынак, амаль палавіну вырабляемай прадукцыі мы прадавалі туды. І вы бачыце, што там адбываецца. У Казахстане таксама сітуацыя няпростая, не так даўно яны дэвальвавалі сваю нацыянальную валюту. Зусім разбіта Украіна, таксама адзін з нашых асноўных рынкаў», — канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Дыверсіфікацыя экспарту, пошук новых рынкаў — пытанне першараднай важнасці, пытанне выжывання нашай краіны і з гэтага трэба зыходзіць, перш за ўсё, Міністэрству замежных спраў».
«Для вырашэння гэтых пытанняў вы асабіста павінны задзейнічаць усе рэсурсы, якія ёсць у Беларусі. Калі ёсць неабходнасць — увесці мяне ў курс справы, і я гатовы ў гэтым напрамку дзейнічаць. Гэта важныя задачы, якія стаяць сёння перад знешнепалітычным ведамствам і ўрадам у цэлым», — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра.
У сваю чаргу Уладзімір Макей падкрэсліў, што МЗС імкнецца праводзіць шматвектарную палітыку, палітыку дыверсіфікацыі. Ён звярнуў увагу на намечаны нармальны прагматычны дыялог з краінамі Еўрапейскага саюза, Амерыкі, Азіі і пазітыўныя тэндэнцыі па экспарце. Так, па выніках студзеня-кастрычніка бягучага года назіраецца паляпшэнне экспартных паказчыкаў у гандлі з краінамі Амерыкі, Азіі і, што немалаважна, ЕС. Пры гэтым на фоне павелічэння экспарту ў краіны ЕС знізіўся імпарт, прычым амаль на 10 працэнтаў.
Прэзідэнт праінфармаваны аб выніках дзейнасці МЗС у бягучым годзе, аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з замежнымі краінамі і рознымі рэгіёнамі, аб рабоце інтэграцыйных структур.
Паводле слоў Уладзіміра Макея, МЗС падрыхтавала прапановы па новых формах работы на знешніх рынках, якія ўлічваюць спецыфіку цяперашняй міжнароднай сітуацыі, у тым ліку эканамічнай. У бліжэйшы час гэтыя прапановы будуць накіраваны ва ўрад.
На сустрэчы размова ішла і аб плануемых на 2015 год знешнепалітычных мерапрыемствах з удзелам Прэзідэнта.
Кіраўніку дзяржавы быў таксама ўнесены шэраг кадравых прапаноў.
ссылка: http://president.gov.by/ru/