(24 марта 2015) Расійскія гледачы напужалі акцёраў з Мінска і прыпісалі ім Майдан.
З такімі гучнымі падрабязнасцямі выйшаў артыкул “Маскоўскага камсамольца” пра тэатральную пастанову “Бі-Лінгвы”, прэзентаваную напярэдадні ў Маскве.
“Аўтар і рэжысёр Андрэй Саўчанка задаў сабе і сваім партнёрам па тэатральнай лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі дакладнае пытанне “Хто я?”. І атрымаў самыя складаныя адказы, з якіх у выніку склаліся ідэя і кампазіцыя “Бі-Лінгваў”, — піша расійскі тэатральны крытык Крысціна Матвіенка. — Ці хочаш ты прызнаць сябе беларусам і што гэта такое — “беларус”? Ці гатовы ты карыстацца роднай мовай ці зручней ўсім разам перайсці на рускую? Што такое — білінгвы і ці з’яўляюцца імі сучасныя беларусы? Спектакль уяўляе сабой актыўныя спробы групы энтузіястаў асэнсаваць лакальны кантэкст, надзвычай цікавы і арыгінальны, які развіваецца ў апошнія гады”.
Па меркаванні беларускага тэатральнага крытыка Дзяніса Марціновіча, ніякай крамолы ў праекце “Бі-Лінгвы” няма — спектакль неаднаразова паказвалі на беларускай сцэне.
“Гэта дастаткова памяркоўная пастаноўка, — кажа ён. — Проста ў Расіі яна патрапіла ў атмасферу ўсеагульнай гістэрыі на фоне падзей ва Украіне”.
Па меркаванні крытыка, праект “Бі-Лінгвы” — добрая спроба развіваць у Беларусі дакументальны тэатр.
“Да таго ж, праблема білінгвізма фактычна ўпершыню загучала на сцэне, — адзначае эксперт. — Для беларускамоўнага чалавека — гэта вядомая праблема, але для большасці, я думаю, гэта нагода задумацца. Адчуваецца, што маналогі ўзятыя з жыцця”.
Аўтар праекту і рэжысёр Андрэй Саўчанка адзначае, што публікацыя ў “Маскоўскім камсамольцы” не адлюстроўвае сітуацыю пасля прэзентацыі спектакля. А прывязка праекта да Майдана наогул недарэчная, паколькі тэкст быў створаны ў 2013 годзе, задоўга да падзей ва Украіне.
“Гэта прыватнае меркаванне журналісткі, якая вырашыла падліць масла ў агонь і зрабіць скандальную публікацыю, — кажа ён. — Насамрэч агрэсіўныя рэплікі былі адзінкавыя. Так, знайшлося некалькі гледачоў, якія вырашылі павучыць нас жыццю. Так бы мовіць, старэйшы рускі брат раіць беларускаму. Але насамрэч выйшла добрая дыскусія. Многія нават не ведалі да спектакля пра такую праблему ў Беларусі”.
Пасля прагляду “Бі-Лінгвы” яго аўтары заўсёды абмяркоўваюць спектакль з гледачамі. Па словах рэжысёра, рэакцыя беларускай публікі адрозніваецца ад расійскай:
“Беларусы больш востра ўспрымаюць тое, што адбываецца на сцэне. Некаторыя пазнаюць сябе — у пытаннях, героях, гісторыях. Для расіян гэта тэма гучыць нязвыкла”.
Па словах Андрэя Саўчанкі, спектакль увесь час дапрацоўваецца. Але рабіць працяг “Бі-Лінгваў” пакуль у планах няма. Рэжысёр зараз даследуе іншую, не меньш важную тэму — сучасныя міфы пра беларусаў. Менавіта гэтаму будзе прысвечаны наступны праект.
Читать полностью:http://naviny.by/rubrics/culture/2015/03/23/ic_articles_117_188522/