(31 марта 2015) «Паехалі ў рэгіёны, бо літаратурнае жыццё віруе ў Мінску, у адной толькі кнігарні «Логвінаў» было за мінулы год каля двух соцень і больш прэзентацый.
Відавочна, ёсць недахоп такіх сустрэч з найлепшымі беларускімі празаікамі ў абласных гарадах, у райцэнтрах. Ды і пісьменнікам карысна, бо выявілася, што многія ўжо дзесяткі гадоў не былі ў Брэсце ці Гомелі», — адзначыў Ціхан Чарнякевіч.
У Гомелі праблемна нават добрую кнігу набыць на беларускай мове, таму дарэчы былі і прывезеныя асобнікі лаўрэатаў прэміі Ежы Гедройца.
Ігар Бабкоў хоць і нарадзіўся ў Гомелі, але ўпершыню прадстаўляў тут свае творы. Між тым, яго раман «Хвілінка. Тры гісторыі» атрымаў славацкую літаратурную прэмію «За лепшы усходнееўрапейскі раман», якую прысуджае Вышаградская група.
Як адчувае сябе беларускі пісьменнік тут і «там», ці спакойна, як выказаўся Хадановіч, «пераязджае праз ментальныя межы»?
Творы Ігара Бабкова былі перакладзеныя на польскую, венгерскую, украінскую, чэшскую і нямецкія мовы, але на рускую — пакуль не.
«Тут усё звязана зусім не з аўтарамі, і не з літаратурай, а з вобразам краіны. Чытачы, калі набываюць кнігу, то ў нагрузку ці ў дадатак, або перад гэтым купляюць нейкі стэрэатып ці вобраз краіны. Беларусь — гэта такая чорная дзірка, якая асацыюецца толькі з адным палітычным персанажам. Беларускія літаратары, калі яны трапляюць у нейкі іншы кантэкст, робяцца ахвярамі вось гэтай палітычнай сітуацыі. Таму што ў Варшаве ці Браціславе першае, што ў іх пытаюцца — пра Лукашэнку. Гэта забівае літаратуру. Гэта такая вязніца, з якой нам даўно варта выбірацца, таму што беларуская сітуацыя значна больш багатая і не зводзіцца толькі да палітычнага кантэксту», — выказаўся літаратар.
Па яго словах, літаратура — гэта спосаб зрабіць жыццё трохі больш складаным, чым у газеце ці палітычнай праграме. А ўбачыць гэта жыццё як больш складанае — гэта задача пісьменнікаў.
Па назіраннях Ігара Бабкова, з беларускай літаратурай гадоў пяць таму адбылася «вельмі дзіўная рэч» — усе разняволіліся і проста ўжо не даводзяць некаму, што «мы не такія».
«Літаратура нарэшце стала самадастатковая, прычым у розных жанрах, ёсць літаратары, якія пішуць тое, што можна назваць беларускі трэш, ёсць модныя літаратары, якія расказваюць, якія яны паспяховыя, ёсць глыбокая літаратура, ёсць высокая — і ўсё гэта існуе абсалютна спакойна, і нічога ўжо нікому не трэба даводзіць», — ахарактарызаваў празаік.
І падвёў вынік: беларускія творцы сёння дажылі да таго, што проста жывуць у сваёй краіне і пішуць не таму, што такая партыйная праграма, альбо нечым абавязаны Францішку Багушэвічу, а «проста таму, што ў кожнага свая карма».
І хоць ніхто нічога Багушэвічу не вінны, але традыцыя і ідэнтычнасць — святое, і большае, чым мова. Беларускія літаратары, пераважная большасць, пачыналі пісаць на рускай мове, у тым ліку і Ігар Бабкоў.
«Але яны не змаглі знайсці сябе знутры рускай мовы. Я не змог. Я пісаў па-руску і бачыў, што ці ты будзеш удаваць з сябе такога маскаліка, які проста выпадкова нарадзіўся ў Гомелі ці Магілёве, ці ты робіш пэўную працу — вучыш гэтую традыцыю», — адзначыў прамоўца.
Разам з тым, каб знайшоўся беларускі Джойс, які б па-руску напісаў сапраўдную беларускую літаратуру — то беларускамоўныя пісьменнікі пагадзіліся ўкленчыць перад ім. І не адмовіліся б, каб такі твор быў напісаны па-беларуску, і не былі б супраць, каб самі яго напісалі.
Ёсць беларускія пісьменнікі, якія пішуць на рускай мове, і гэта іх права.
«Кожны чалавек вырашае — у які культурны кантэкст ён сябе змяшчае. Іншая рэч — беларускі культурны кантэкст вельмі няпросты. Калі чалавек гаворыць, што я — беларускі пісьменнік, гэта не толькі значыць, што ён прадае свае кнігі на беларускім рынку, а яшчэ значыць, што ён пагаджаецца быць часткай пэўнай традыцыі, у якой ёсць не толькі ён, сусед ці сучаснік, але і Юхнавец, і Купала, і Міцкевіч, і Гусоўскі — гэта значыць традыцыі шматкультурнай і шматмоўнай. Я са сваёй сённяшняй ідэнтычнасцю лічу сябе часткай гэтай традыцыі — то бок гэта яшчэ і адказнасць перад мёртвымі», — патлумачыў Ігар Бабкоў.
Павел Касцюкевіч пражыў пэўны адрэзак жыцця ў Ізраілі, але вярнуўся ў Беларусь. І пачаў шукаць — да чаго тут прывязацца. І знайшоў да чаго: да людзей, падслуханых размоваў, пачутых і ўбачаных сцэнак жыцця.
Павел Касцюкевіч
«Можа менавіта дзякуючы цяжкай спадчыне і цяжкай цяпершчыне вельмі цікава тут быць менавіта як аўтару, шукаць новыя міфалогіі і новыя ўражанні — тут вельмі плённа, менавіта калі ты сярод людзей», — гаворыць літаратар.
Нагадаем, 30 сакавіка быў абвешчаны лонг-ліст прэміі Ежы Гедройца, у які ўвайшлі 12 кніг беларускіх аўтараў. Пераможцу абярэ журы ў складзе Уладзіміра Арлова, Ігара Бабкова, Малгажаты Бухалік, Адама Глобуса, Ганны Кісліцынай, Андрэя Федарэнкі, Ціхана Чарнякевіча і Ганны Янкуты. Да 15 красавіка яны павінны вызначыць 6 кніг-фіналістаў. Пераможцы будуць абвешчаны ў другой палове мая.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі інстытут у Мінску; фундатар узнагароды — «Ідэя Банк».
Прэмія прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».
За першае месца прысуждаецца чэк на суму, якую кожны год вызначае «Ідэя Банк», за другое месца — пераклад твора на польскую мову альбо творчая стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў у горадзе Вісбю (Швецыя). За трэцяе месца — творчая стыпендыя ў Вэнтспілсе (Латвія).
Андрэй Хадановіч
Папярэднімі лаўрэатамі прэміі Гедройца былі Павел Касцюкевіч («Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту», 2012), Уладзімір Някляеў («Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», 2013), Ігар Бабкоў («Хвілінка. Тры гісторыі», 2014).
Мэта прэміі — ушанаваць памяць Ежы Гедройца, публіцыста, палітыка, паслядоўнага прыхільніка добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай; паспрыяць паглыбленню польска-беларускіх стасункаў у галіне культуры, папулярызаваць сучасную беларускую літаратуру ў Беларусі і Польшчы, падтрымаць актуальных беларускіх пісьменнікаў, паспрыяць выхаду іх творчасці на міжнародны ўзровень.