(26 июня 2015) У прасторы «ЦЭХ» адкрылася выстава «Сучасная фатаграфія Лацінскай Амерыкі». Цягам амаль трох тыдняў у наведвальнікаў будзе магчымасць пазнаёміцца з творчасцю 11 фатографаў з Аргентыны, Бразіліі, Уругвая і Мексікі і паглядзець на свет далёкіх краін, культур і грамадства.
Акрамя таго, выстава адрозніваецца тым, што тут сабраны праекты, разнастайныя па тэхніках, тэмах і візуальнай мове.
Праекты для выставы адбіралі тры куратары, якія шукалі праекты лацінаамерыканскіх фатографаў па ўсім свеце. Крэатыўны дырэктар прасторы «ЦЭХ» Андрэй Лянкевіч кажа, што гэта выстава для яго – нібы свята і магчымасць паглядзець, як за 100 гадоў развівалася фатаграфія ў Лацінскай Амерыцы.
«Тут ёсць праекты ад дакументальных, прадстаўленых чорна-белай фатаграфіяй, да абсалютна сучасных, якія паказваюць, куды рухаецца фатаграфія. Ёсць новая візуальная мова. Адзін з такіх прыкладаў, якія я вельмі люблю, – калі фатограф стварае фотаздымак, не зрабіўцы ні аднаго фотаздымка сам. Чалавек сядае за камп’ютар, складае фотаздымкі – і ў канцы мы атрымліваем выяву, якая з’яўляецца фатаграфіяй».
Выстава праходзіць пры падтрымцы Дзяржаўнага музейна-выставачнага комплексу «РОСИЗО» Міністэрства культуры Расіі, Фонду развіцця і падтрымкі мастацтва «Айрыс» і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Источник: http://news.tut.by/